Жодзішкаўскія краявіды ў творчасці мастакоў Беларусі
Фарміраванне грамадзянскасці і патрыятычнасці ў вучняў неабходна пачынаць з выхавання любові да малой радзімы, тых мясцін, дзе чалавек нарадзіўся і вырас, з развіцця цікавасці да мінулага і сучаснага роднага краю. У Год малой радзімы асаблівае значэнне хочацца надаць выхаванню маладога пакалення.
Сёння нам, вучням і педагогам Жодзішкаўскага ясляў-сада – сярэдняй школы прадставілася ўнікальная магчымасць – сустрэцца з мастацтвам. І дзе вы думаеце сустрэцца? Не на вуліцы, не ў Доме культуры, не ў музеі і нават не ў школе. А ведаеце дзе: у касцёле Святой Троіцы аграгарадка Жодзішкі.
Справа ў тым, што з 10 па 17 мая ў аграгарадку Жодзішкі праходзіў мастацка-паэтычны пленэр пад кіраўніцтвам Францішка Баляслававіча Жылкі, уладальніка вадзянога млына ў Жодзішках.
На аграсядзібе “Вялес”, гаспадаром якой з’яўляецца краязнаўца Алег Мізула, сабраліся вядомыя паэты і мастакі Беларусі: прафесар мастацтва Віктар Нямцоў, дацэнт акадэміі мастацтваў Віктар Барабанцаў, Віктар Мікіта, Кастусь Качан, Алесь Суша, Анатоль Бяляўскі, Галіна Бяганская, Таццяна Ласка, Эдуард Мацішонак.
На працягу некалькіх дзён гэтыя людзі змаглі бліжэй пазнаёміцца з прыгожымі краявідамі нашай мясцовасці. Мастакі атрымалі ўнікальную магчымасць намаляваць непаўторныя жодзішкаўскія пейзажы.
Вы спытаецеся, а чаму менавіта ў касцёле адбылася выстава. І гэта не выпадкова. Справа ў тым, што вядомы беларускі мастак Пётр Сергіевіч у 1937-1938 гг. займаўся роспісам касцёла. Прататыпамі яго выяў сталі мясцовыя жыхары, якія, прыходзячы ў святыню, пазнавалі сябе.
Вельмі цікава дзецям было ўбачыць на карцінах знаёмыя куточкі сваёй малой радзімы: краявіды мястэчка Жодзішкі, вадзяны млын, бровар, кальварыю Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў вёсцы Дубок; партрэты аднавяскоўцаў: ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Гражуля Б.В., уладальніка млына Ф.Б.Жылкі, настаўніцы Базевіч А.І., млынара Цікота У.Б.
Пазнавальным таксама было бачыць дзецям розную тэхніку выканання карцін: графіка, акварэль, масла.
Асабліва пранікнёна прагучалі словы ксяндза Паўла Жодзішкаўскага касцёла Святой Троіцы да моладзі. Ён гаварыў аб тым, што, нягледзячы на прывабнасць замежных краін, не трэба забывацца пра тое месца, дзе ты нарадзіўся. Заўсёды трэба вяртацца на родную зямлю, каб зрабіць шэраг карысных спраў. Ён пажадаў старшакласнікам, каб яны праз усё жыццё неслі любоў у сэрцы да Бацькаўшчыны.