Фестываль побытавых танцаў "«Жодзішкаўскі карагод»
9 ліпеня ў аграгарадку Жодзішкі прайшоў другі фестываль побытавых танцаў “Жодзішкаўскі карагод”. Удзельнікамі фестывалю сталі не толькі прафесіяналы і аматары бытавога беларускага танца, але і майстры народнай творчасці, рамеснікі, прадстаўнікі розных творчых прафесій Смаргонскага раёна. Унікальны фестываль побытавых танцаў “Жодзішкаўскі карагод” пазнаёміў нас з нацыянальнымі танцавальнымі традыцыямі рэгіёна. Творчыя калектывы з Мінску, Валожына, Маладзечна і Астраўца радавалі гледачоў задорнымі танцамі і песнямі. У майстар-класах па навучанню танцам удзельнічалі ўсе жадаючыя.
Навінкай фестывалю стаў турнір побытавых танцаў “Вуліца на вуліцу”. Гледачы з гонарам і хваляваннем сачылі за канкурсантамі. Старэйшыя хлопцы нашай установы таксама прынялі ўдзел у турніры. Хтосьці танчыў з суседкай ці з сяброўкай, а Яўген Дудзінскі і Даніла Рыдзель – са сваімі матулямі. Ацэньвалі пары вельмі кампетэнтнае журы: М.А.Козенка – збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры, этнахарэограф, этнапедагог, арганізатар фальклорных фестываляў “Беларуская полька”, “Берагіня”, “Мяцеліца”; В.В.Калацэй – лідар пост-фольк гурта “Ветах” і загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і іншыя. Усе пары атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі, а галоўнае – задавальненне і цудоўны настрой!
Нікога не пакінулі абыякавымі выступленне ўдзельнікаў узорнага фальклорнага гурта “Нальшчаначка”, якія танцавалі танцы нашага рэгіёну ў суправаджэнні інструментальнага ансамблю “Гулянок”.
Скончылася свята агульным карагодам, які закружыў усіх гасцей і ўдзельнікаў фестывалю, нездарма ж фестываль мае назву “Жодзішкаўскі карагод”!